ФЕНАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

тэматычныя геаграфічныя карты, якія адлюстроўваюць сезонную дынаміку прыродных з’яў. Падзяляюцца на фенакліматычныя (сезонныя змены т-ры, колькасці ападкаў і інш.), фенагідралагічныя (напр., устанаўленне і сыход снегавога покрыва, ледастаў на рэках, паводкі і інш.), фітафеналагічныя (набраканне і раскрыццё пупышак, цвіценне, плоданашэнне раслін), зоафеналагічныя (абуджэнне жывёл ад спячкі, сезонныя міграцыі, гнездаванне птушак), медыкафеналагічныя (сезонныя ачаговыя захворванні). Ф.к. складаюць паводле звестак назіранняў т.зв. феналагічных сетак, якія ўключаюць шматлікія феналагічныя пункты, а таксама паводле дыстанцыйнай здымкі. Маюць практычнае значэнне для сельскай і лясной гаспадаркі, паляўнічага промыслу і інш.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)